Кітайскія студэнты знаёмяцца з беларускай культурай

Кітайскія студэнты знаёмяцца з беларускай культурай

Студэнты Цяньцзінскага і Сіянскага ўніверсітэтаў замежных моў, якія вывучаюць беларускую мову ў МДЛУ, разам з дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры А.В. Семянькевіч наведалі старажытны беларускі горад Заслаўе.

Падчас экскурсіі студэнткі пазнаёміліся з унікальнымі артэфактамі беларускага мастацтва ў Музеі беларускай народнай маляванкі, з легендамі пра ганарлівую князёўну Рагнеду і яе сына Ізяслава на гарадзішчы "Вал", якое зараз упрыгожвае беласнежная Спаса-Праабражэнская царква, з экспанатамі гісторыка-культурнага комплекса "Млын".

Водзыў групы пра экскурсію:

"Вывучэнне беларускай мовы - няпростая задача. Тэмп навучання ў МДЛУ высокі, неабходна паспяваць засвойваць насычаную і яркую праграму ў тэрмін. Для нас стала адкрыццём, што магчыма сумяшчаць прыемнае з карысным у такой форме. Нам спадабалася, што атрымалася спалучыць атмасферу акадэмічнага вывучэння мовы з цікавым фарматам узаемадзення з беларускай мовай і культурай".