Дзень памяцi

Дзень памяцi

Памятныя мерапрыемства, прысвечаныя 75-й гадавіне трагедыі ў вёсцы Хатынь

22 сакавіка 2018 г. выкладчыкі, студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта правялі сустрэчу-рэквіем, прысвечаную 75-й гадавіне трагедыі ў вёсцы Хатынь.   

 

 

Падчас сустрэчы загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Новікаў С. Я. нагадаў прысутным аб жудаснай падзеі, якая адбылася ў панядзелак 22 сакавіка 1943 г., калі 149 мірных жыхароў вёскі, 75 з якіх –дзеці, загінулі ў агні. Прыгадаць імя кожнага са 149 хатынцаў, загінуўшых у полымі вайны, адчуць той жах, той боль, тое гора – і сёння вельмі значна для кожнага сумленнага чалавека. Мінулі дзесяцігоддзі, але жыве і захоўваецца памяць пра хатынскую трагедыю, а разам з ёй і пра трагічны лёс 185 цалкам спаленых вёсак – сясцёр Хатыні, а таксама 433 вёскі, спаленых цалкам ці часткова, аднак адроджаных у пасляваенны час.

 

 

Сёння гэтаму служыць Мемарыяльны комплекс “Хатынь”, які, на думку Леаніда Мендзелевіча Левіна, аднаго са стваральнікаў і аўтараў канцэпцыі гэтага ўнікальнага помніка, павінен заставацца Народным Храмам Памяці, нацыянальнай святыняй.

 

 

“Няхай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы!” – такі заклік прагучаў у заключнай частцы сустрэчы-рэквіема, якая завяршылася ўшанаваннем памяці аб хатынцах хвілінай маўчання.

 

 

Таксама ў гэты дзень студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта наведалі Мемарыяльны комплекс у самой вёсцы, дзе змаглі ўскласці кветкі да помніка і ўшанаваць ўсіх загінуўшых у той жудаснай трагедыі.